Выстава-агляд “Душа, што прагне вышыні і волі”

Выстава-агляд “Душа, што прагне вышыні і волі”

15 ліпеня 2026 года адзначаецца юбілей — 150 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, якая ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры пад пяшчотным псеўданімам Цётка.

Беларуская паэтэса, празаік і асветніца пачатку XX стагоддзя нарадзілася 3 ліпеня 1876 г. у фальварку Пешчын на Вілейшчыне недалёка ад Ліды (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці), ў шматдзетнай каталіцкай шляхецкай сям’і.

Пэўны час выхоўвалася ў бабулі ў фальварку Тарэсін, жыла ў маёнтку Стары Двор. Менавіта там яна пазнаёмілася з народнай творчасцю, навучылася чытаць і пісаць. Алаіза Пашкевіч (Цётка) актыўна паднімала перад грамадкасцю праблемы нацыянальнага жыцця, адукацыі, выхавання, стварэння і адкрыцця народных школ, навучання ў іх на беларускай мове. Займалася вывучэннем беларускага народнага тэатра і фальклору.

Адна з першых у беларускай літаратуры пачала пісаць падручнікі для пачатковай школы і перакладаць творы для дзяцей. У 1906 годзе выходзіць падручнік-хрэстаматыя «Першае чытанне для дзетак беларусаў», у якім былі змешчаны невялікія тэксты для дзіцячага чытання на беларускай мове.

Творчы шлях Цёткі працягваўся каля 15 гадоў, але яе спадчына сведчыць пра тое, што была яна асобай яркай і таленавітай. Творы паэтэсы друкаваліся ў розных беларускіх газетах, календарах і альманахах, асабліва шмат твораў змешчана ў часопісе «Лучынка».

Літаратурная спадчына пісьменніцы разнастайная: лірыка, апавяданні, успаміны, публіцыстыка. Вобразы роднай Беларусі праходзяць праз усю лірыку паэтэсы. Яна з вялікай любасцю і замілаванасцю ў сваіх вершах гаворыць пра родны край, яго людзей, маляўнічую беларускую прыроду. Асобны перыяд у яе творчасці складаюць вершы 1908-1914 гг., дзе пераважаюць матывы смутку, тугі па радзіме, зварот да фальклорных вобразаў.

У час Першай сусветнай вайны з вясны да восені 1915 года Цётка працавала сястрой міласэрнасці ў тыфозным салдацкім бараку ў Вільні. У пачатку 1916 г. едзе да бацькоў, аказвае медыцынскую дапамогу землякам, якія гінулі ад эпідэміі тыфу. Не ўсцераглася і сама: захварэла на тыф і 5 лютага 1916 г. памерла.

Запрашаем на кніжную выставу!